Педагагічны калейдаскоп
сучасных метадаў і прыёмаў навучання

на ўроках беларускай мовы і літаратуры
Тэма: Педагагічны калейдаскоп сучасных метадаў і прыёмаў навучання на ўроках беларускай мовы і літаратуры.
Форма: круглы стол.
Мэта : стварэнне ўмоў для забеспячэння асобасна-прафесіянальнага развіцця педагогаў; фарміравання і ўдасканалення педагагічнага майстэрства і творчасці , для паспяховай рэалізацыі задач, якія стаяць перад сучаснай адукацыяй.
Задачы: стварыць інфармацыйнае ассяроддзе , якое будзе стымуляваць актыўнасть педагогаў у вырашэнні педагагічных праблем; садзейнічаць засваенню эфектыўных прыёмаў і метадаў арганізацыі навучання; прадэманстраваць прадуктыўны педагагічны вопыт настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры па выкарыстанні даследчага метаду, прыёмаў актывізацыі прафесійнага самавызначэння школьнікаў , выкарыстанні тэкстацэнтрычнага падыходу.
Паважаныя калегі ! Мы рады вас вітаць за нашым круглым сталом. Сённяшнюю нашу сустрэчу мне б хацелася пачаць з дзіцячай загадкі:
Як труба падзорная,
Толькі ўся ўзорная ,
Я гляджу ў яе акно--
Рознакаляровае яно.
А калі павярну хоць крыху
Колер адразу мяняецца ў акне.
Усё карункава,прыгожа…
Здагадайцеся, якое гэта дзіва?(калейдаскоп).
Ну, а калі мы педагогі , то і калейдаскоп наш сёння будзе педагагічны.
Псіхолагі раяць выкарыстоўваць калейдаскоп у тэрапіі, у трэнінгах па выпрацоўцы жыццёвых матывацый. Медыцынай даказана , што 15 хвілін разгляду малюнкаў калейдаскопа аказвае супакойваючае ўздзеянне , якое можна параўнаць з 5 хвілінамі здаровага смеху. А ў 98 працэнтаў людзей , якія паглядзелі ў калейдаскоп, з’яўляюцца дабрыня ў голасе , мяккасць у зносінах, прыгадваецца дзяцінства , а праблемы кудысьці адступаюць. Адным словам, жыццё становіцца больш цікавым . Акрамя таго , калейдаскоп уплывае і на развіццё крэатыўнасці.
Пераноснае значэнне слова калейдаскоп азначае хуткую змену разнастайных падзей, з’яў. Усё наша жыццё, па сутнасці, і з’яўляецца чарадой напоўненых сэнсам калейдаскопаў, запамінальных, цікавых. Няхай і наша сённяшняя сустрэча стане для вас адной з такіх падзей, разнастайнай і , самае галоўнае, карыснай. І я б хацела сёння кожнаму з вас пажадаць творчасці ў працы (прыём “Падаруй кветку”).
А зараз невялічкае бліц-апытанне.
Як вы ацэньваеце сваю педагагічную дзейнасць у гэтым навучальным годзе?
Ці прыносіць праца вам задавальненне?
З якімі нетрадыцыйнымі методыкамі вы пазнаёміліся ў апошні час ?
Над якой індывідуальнай тэмай па самаадукацыі вы працуеце?
Ці ведаеце вы , што такое актыўныя метады навучання? А якім павінен быць сучасны настаўнік?
Як вы плануеце павышаць сваё дальнейшае прафесіянальнае майстэрства?
Творчы настаўнік заўсёды ў пошуку, заўсёды незадаволены вынікамі, не перастае адшліфоўваць дасягнутае. У К. Ушынскага ёсць цудоўныя словы: ”Урок –сумесная творчая дзейнасць настаўніка і вучня, накіраваная на дасягненне мэтаў адукацыі. Гэта сумесны пошук ісціны, лабараторыя культуры мыслення”. Дзе гэтага няма , там сумна. Галоўная задача выхавання і навучання – развіццё асобы , яе інтэлектуальных , валявых, эмацыянальных якасцей. Яна паспяхова вырашаецца, калі вучні выступаюць не ў ролі пасіўных слухачоў , а калі яны актыўна ўдзельнічаюць у працэсе пазнання: маюць матывацыю да навучання, праяўляюць інтарэс, задаюць пытанні, сумесна шукаюць неадназначныя адказы . Вырашаюць праблемныя задачы, думаюць, спрачаюцца, адстойваюць свае думкі. Мы павінны вучыць іх мысліць, мысліць нестандартна, знаходзіць рашэнні ў складанай сітуацыі. Бо , па словах Гегеля, калі мысляць усе аднолькава , значыць, ніхто не не мысліць.
У арсенале сучаснай педагогікі ёсць нямала метадаў , прыёмаў, якія дапамагаюць актывізаваць дзейнасць вучняў, дапамагаюць ператварыць іх у актыўных удзельнікаў працэсу пазнання , дапамагаюць павысіць якасць навучання.
І сёння мы, настаўнікі беларускай мовы, падзелімся з вамі, дарагія калегі, сваім вопытам.
Будзьце ўважлівымі. Вы павінны будзеце ацаніць работу нашых дакладчыкаў, выбраўшы каляровы сегмент (выдатна – чырвоны сегмент; добра – зялёны сегмент; здавальняюча – карычневы сегмент). У выніку ў нас атрымаецца калейдаскапічны малюнак.
А дзяліцца вопытам сваёй працы будуць Салаўёва Таццяна Генадзьеўна, Швед Наталля Уладзіміраўна, Васільчанка Марына Аляксандраўна.
Даследчы метад на ўроках беларускай мовы і літаратуры як спосаб павышэння пазнавальнай актыўнасці вучняў
Выступленне Салаўёвай Таццяны Генадзьеўны
Сістэмнае выкарыстанне на ўроках беларускай мовы і літаратуры даследавання
ў значнай меры забяспечвае пазнавальную актыўнасць вучняў, рэалізуе іх асобасны патэнцыял.
Якуб Колас адзначаў : “Толькі тады веды робяцца нашым сталым набыткам, калі мы прыходзім да іх , здабываем іх самі”.
Так, сапраўды, у наш час настаўнік “ вымушаны шукаць новыя, больш дзейсныя формы працы з вучнямі, тыя, што вучаць мысліць, выклікаюць цікавасць, актывізуюць інтэлектуальную дзейнасць, развіваюць уменне самастойна набываць веды, аналізаваць, супастаўляць , шукаць адказы на пастаўленыя пытанні , бо “ ініцыятыва ,самастойнасць , творчы пошук найбольш ярка і змястоўна праяўляюцца ў даследчай дзейнасці”.
Як паказалі даследаванні нямецкіх вучоных , чалавек запамінае толькі 10% таго, што чытае , 20% таго, што чуе, 30% таго, што бачыць, 50-70% запамінае пры ўдзеле ў дыскусіях, 80% - пры самастойным выяўленні праблемы.
І калі вучань непасрэдна ўдзельнічае ў рэальнай дзейнасці , у самастойнай пастаноўцы праблем, фармуліроўцы вывадаў і прагнозаў, ён запамінае і
засвойвае матэрыял на 90%.
Я лічу , што настаўнік на сучасным уроку не займае пазіцыю транслятара гатовых ведаў, ён аднадумца вучняў у пошуку ісціны, адкрыты для любой інфармацыі , станоўча настроены на зваротную сувязь.
Сёння настаўнік не павінен “перакачваць” веды ад сябе да школьніка. Яму неабходна ствараць пазнавальную сітуацыю і арганізоўваць пазнавальную дзейнасць вучняў.
Менавіта на ўроку, дзе выкарыстоўваецца даследчы метад , “шліфуецца выпрацоўка самастойнага мыслення вучняў, адбываецца актыўнае далучэнне да работы з кнігаю “. Па сутнасці , толькі самастойна набываючы веды, чалавек выпрацоўвае адказнасць, перакананне, фарміруецца як асоба. У аснове паняцця “даследчы метад” ляжыць слова “даследаваць” , то есць разгледзець, вывучыць з мэтай пазнання нейкае пытанне.
Заўважым , што неабходна адрозніваць вучэбнае даследаванне ад навуковага. Тое , што вучні адкрываюць у працэсе даследавання, для навукі не з’яўляецца новым. Але гэтыя веды новыя для вучняў. Дзеці адчуваюць сябе “першаадкрывальнікамі”. Выкарыстанне даследчага метаду дае магчымасць вучням рабіць усебаковы аналіз вывучаемай з’явы. Аналіз абазначае ўменне размеркаваць матэрыял так, каб ясна выступала яго структура. Сюды адносіцца выдзяленне частак цэлага , выяўленне ўзаемасувязей паміж імі, асэнсаванне прынцыпаў арганізыцыі цэлага. Вучэбныя навыкі характарызуюцца пры гэтым больш высокім інтэлектуальным узроўнем , чым разуменне і прымяненне , паколькі патрабуюць асэнсавання як зместу навучальнага матэрыялу, так і яго ўнутранай будовы. Вучань пры гэтым самастойна будуе меркаванні , лагічна разважае, праводзіць розніцу паміж фактамі і наступствамі , ацэньвае значнасць дадзеных.
Даследаванне можна выкарыстоўваць і на ўроках знаёмства з новай тэмай, і на ўроках абагульнення ведаў. Але пры гэтым , я лічу, трэба ўлічваць магчымасці класа , неабходна захоўваць пэўную паслядоўнасць , паступова рыхтуючы вучняў да больш складаных відаў дзейнасці.
Сутнасць даследчай дзейнасці заключаецца ў наступным :
1. Настаўнік разам з вучнямі фармуліруе праблему, вырашэнню якой прысвячаеца пэўны адрэзак вучэбнага часу.
2. Веды вучням не паведамляюцца, дзеці самастойна іх дабываюць у працэсе даследавання праблемы , параўнання розных варыянтаў атрыманых вынікаў. Сродкі для дасягнення вынікаў таксама вызначаюць самі вучні.
3. Дзейнасць настаўніка зводзіцца да аператыўнага кіравання працэсам рашэння праблемных задач.
4. Навучальны працэс характарызуецца высокай інтэнсіўнасцю працы, навучанне суправаджаецца павышанай зацікаўленасцю, атрыманыя веды адрозніваюцца глыбінёй , трываласцю , уменнем выкарыстоўваць у далейшай дзейнасці.
Вучні , пры ўмелай арганізацыі работы настаўнікам , самі праводзяць назіранні над той ці іншай праблемай, будуюць схемы , памяткі-алгарытмы. Яны павінны прымяніць атрыманыя такім чынам веды на практыцы. Практыка сцвярджае, што такія веды больш трывалыя, бо засвоены не шляхам механічнага запамінання, а шляхам разумовай дзейнасці.
Неабходна адзначыць , што працэс навучання даследаванню ўяўляе сабой мэтанакіраванае фарміраванне ўсіх кампанентаў даследчай культуры школьнікаў :
мыслільных уменняў і навыкаў (аналіз і выдзяленне галоўнага ; параўнанне ; абагульненне і сістэматызацыя ; азначэнне і тлумачэнне паняццяў ; канкрэтызацыя ; уменне вызначаць процілегласці ) ;
уменняў і навыкаў , звязаных з культурай вуснай і пісьмовай мовы ;
уменняў і навыкаў работы з кнігай і іншымі крыніцамі інфармацыі .
А зараз пагаворым , якімі разнастайнымі спосабамі можна рэалізаваць даследчую дзейнасць на ўроках беларускай мовы і літаратуры.
На ўроку вывучэння новай тэмы вучням даецца фармуліроўка паняцця, а яны павінны высветліць, што гэта за паняцце. Напрыклад , форма дзеяслова , якая абазначае прымету прадмета паводле дзеяння і адказвае на пытанні які? якая? якое? якія?- гэта дзеепрыметнік. Або на ўроках беларускай літаратуры пры вывучэнні літаратурных жанраў. Напрыклад , невялікі , часцей вершаваны, твор сатырычнага зместу з алегарычным сюжэтам і вывадам (мараллю) у канцы або, значна радзей, у пачатку – гэта байка.
На ўроках абагульнення, замацавання. Напрыклад , па тэме “Правапіс прыслоўяў”, “Не з рознымі часцінамі мовы”, “Знакі прыпынку ў
складаназлучаным сказе”.
Я часта прымяняю вучэбнае даследаванне і на ўроках аналізу мастацкага твора. Так , напрыклад , пры вывучэнні паэмы Янкі Купалы “Гусляр” я вучням прапаную даць параўнальную характарыстыку вобразаў князя і гусляра.
Даследаванне я даю магчымасць ажыццяўляць вучням і ў межах дамашняга задання. Напрыклад ,у 7-ым класе пры вывучэнні артыкула “У вершах і ў прозе” вучням неабходна прааналізаваць дадзены артыкул і скласці табліцу, дзе патрэбна адзначыць адрозненні вершаваных і празаічных твораў.
Сучасны ўрок каштоўны не толькі інфармацыяй , якую атрымлівае вучань у працэсе навучання, але і , перш за ўсё , навучаннем у ходзе яго спосабам дзейнасці для атрымання інфармацыі. Роля настаўніка заключаецца ў імкненні перадаць спосаб творчай дзейнасці і далучыць вучняў да самастойнай работы.
Асабіста для мяне вельмі важна яшчэ на матывацыйным этапе стварыць сітуацыю поспеху. Напрыклад , на пачатку ўрока беларускай мовы ў 9-ым класе па тэме “Знакі прыпынку ў складаназлучаных сказах” я праводжу арфаграфічную хвілінку. Вучні ў прапанаваным тэксце ўстаўляюць прапушчаныя арфаграмы і расстаўляюць неабходныя знакі прыпынку. Але апошні сказ , у якім знак прыпынку пастаўлены (працяжнік у складаназлучаным сказе), заставіў задумацца , так як гэты матэрыял дзеці яшчэ не вывучалі. Створаная праблемная сітуацыя дазваляе сфармуліраваць вучням тую праблему, над якой яны будуць працаваць на працягу ўрока.
Далей вучні даследуюць асаблівасці пастаноўкі знакаў прыпынку ў складаназлучаных сказах. Яны працуюць у групах з раздатачным дыдактычным матэрыялам. У выніку аналізу дадзеных кожная група стварае апорныя схемы, якія графічна тлумачаць, калі ставіцца коска , кропка з коскай , працяжнік. Кожная група прадстаўляе і абараняе свае апорныя схемы на дошцы. Ідзе абмеркаванне. Затым усе вучні запісваюць дадзеныя схемы ў сшыткі .
Вядома , што ў навучанні вельмі важным з’яўляецца развіваючы аспект : уменне аналізаваць матэрыял, самастойна пазнаваць што-небудзь , вылучаць галоўнае. З гэтай мэтай я выкарыстоўваю разнастайныя метады. Так , напрыклад, метад інсерт (асмысленне, рэфлексія). На адным з урокаў у 8-ым класе ў мяне была наступная тэма: Спосабы выражэння дзейніка. На дошцы я чарціла тры графы : В, Х,Д. У графе В вучні павінны запісаць, што яны ведаюць па гэтай тэме. У графу Х- пра што хочуць даведацца. А ў графе Д- пра што новае даведаліся. Важна адзначыць , што графы В і Х дзеці запаўняюць на пазнавальным этапе. А графу Д- на рэфлексійным этапе.
На ўроках я часта практыкую назіранне і моўны аналіз. Перш чым звярнуцца да вывучэння правіла ў падручніку, вучні аналізуюць , даследуюць словы, сказы, запісаныя на дошцы. Напрыклад , тэма ўрока наступная : Лады дзеясловаў.
На дошцы я запісваю сказы , вучні аналізуюць іх і робяць адпаведныя вывады.
Выкарыстоўваюць не гатовае правіла, а самі яго выводзяць.
Адзначу , што пры вывучэнні самых разнастайных тэм на ўроках беларускай мовы вучні часта выконваюць заданні па даследаванні тэкстаў .
На трэніровачна-карэкцыйным этапе я выкарыстоўваю такія прыёмы , як складанне плана , схемы, табліцы, падбор прыкладаў. Зразумела , што дадзеныя прыёмы будуць садзейнічаць трываламу і асэнсаванаму запамінанню правілаў.
Часта прымяняю на ўроках мікра-даследаванні. Тэма ўрока - гэта аб’ект даследавання. Вучням прапануецца па плане даследаваць аб’ект -паставіць узніклыя пытанні і праблемы- сфармуляваць версіі адказаў, гіпотэзы- даць рэфлексіўныя разважанні, усвядомленыя спосабы дзейнасці і вынікі- сфармуляваць вывады. Так, напрыклад , даследаваць выкарыстанне складаных сказаў у творах мастацкай літаратуры або адшукаць сродкі мастацкай выразнасці ў прапанаваных вершах.
На ўроках літаратуры з мэтай павышэння пазнавальнай актыўнасці выкарыстоўваю метад прагназавання з адкрытымі пытаннямі. Напрыклад , мы ў 7-ым класе вывучалі апавяданне В.Быкава “Незагойная рана”. Перад вывучэннем гэтага твора неабходна было скласці прагноз зместу твора пры дапамозе пытанняў : як вы думаеце, пра што будзе гаварыцца ў гэтым творы ? Як будуць развівацца падзеі? А потым рабяты параўноўваюць свой прагноз з адказамі пасля вывучэння дадзенага твора.
Эфектыўнай формай , якая фарміруе даследчыя ўменні, дазваляе раскрыцца
кожнаму вучню , з’яўляецца работа ў групах . На ўроках літаратуры пры вывучэнні разнастайных мастацкіх твораў я часта карыстаюся дадзенай формай работы. Напрыклад , пры вывучэнні верша М.Багдановіча “ Цёплы вечар , ціхі вецер , свежы стог…” клас дзеліцца на чатыры групы. Першая група- даследчыкі мовы . Другая група- даследчыкі тэорыі літаратуры. Трэцяя група- даследчыкі замежнай літаратуры . Чацвёртая група – даследчыкі выяўленчага мастацтва .
Вялікую ўвагу на ўроках беларускай літаратуры надаю даследаванню мовы твора , вобразаў твораў, выяўленню аўтарскай канцэпцыі жыцця , правядзенню інтэрв’ю на ўроку , складанню эсэ.
Далучэнне школьнікаў да правядзення даследаванняў садзейнічае выхаванню актыўнасці асобы ў самастойнай дзейнасці. Даследчая дзейнасць у школе , прыносячы радасць сумеснага пошуку рашэння пастаўленай праблемы, дапамагае “расці” і настаўніку , і вучню.
Актывізацыя прафесійнага самавызначэння школьнікаў на ўроках беларускай мовы
Выступленне Швед Наталлі Уладзіміраўны
У станаўленні прафесійна арыентаванай асобы значную ролю адыгрываюць не толькі класныя кіраўнікі, намеснікі дырэктара, педагогі-псіхолагі, сям’я, але і настаўнікі-прадметнікі. Вучняў неабходна падрыхтаваць да свядомага выбару прафесіі, які яны павінны ажыццявіць да моманту заканчэння сярэдняй школы, што забяспечвае профільнае навучанне. На маю думку, прафілізацыя залежыць ад якаснай арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і прафарыентацыйнай работы на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
Выяўленню цікавасці і здольнасцей вучняў да той ці іншай прафесіі і развіццю практычнага выкарыстання ведаў у любой сферы дзейнасці спрыяе звычайны ўрок. Рыхтуючы школьнікаў да свядомага выбару той ці іншай прафесіі, кожны настаўнік-прадметнік не толькі знаёміць вучняў з разнастайнымі прафесіямі, вывучае іх схільнасці, матывы выбару і прафесійныя інтарэсы, але і фарміруе прафесійна важныя ўменні і навыкі.
Сістэматычнае выкарыстанне настаўнікам-прадметнікам разнастайных метадаў і прыёмаў актывізацыі прафесійнага самавызначэння школьнікаў дае магчымасць павысіць іх унутраную матывацыю, развіць пазнавальны інтарэс, раскрыць індывідуальныя магчымасці кожнага вучня, сфарміраваць уяўленні аб той ці іншай прафесіі і шляхах яе атрымання, падвесці да свядомага выбару профілю навучання, а таксама павысіць якасць ведаў па беларускай мове. Прадуктам сумеснай дзейнасці настаўніка і вучня на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі становіцца авалоданне ведамі, уменнямі і навыкамі, дастатковымі для аптымальнага выбару будучай прафесіі.
Для таго, каб школьныя ўрокі мелі прафарыентацыйную накіраванасць, настаўнікам-прадметнікам неабходна імкнуцца да таго, каб прафарыентацыйны матэрыял быў звязаны з праграмным, садзейнічаў свядомаму і трываламу засваенню вучэбнага матэрыялу, абуджаў разумовую актыўнасць, творчую дзейнасць. Зыходзячы з гэтага, настаўнікі-прадметнікі ставяць перад сабой наступныя задачы:
-садзейнічаць развіццю пазнавальнай зацікаўленасці, творчай накіраванасці асобы вучняў, выкарыстоўваючы разнастайныя метады і сродкі: праектную дзейнасць, дзелавыя (ролевыя) гульні, семінары, віктарыны, конкурсы, прадметныя тыдні, алімпіяды і г.д.;
-забяспечваць прафарыентацыйную накіраванасць урокаў, фарміраваць прафесійна важныя ўменні і навыкі;
-садзейнічаць фарміраванню ў школьнікаў адэкватнай самаацэнкі;
-вывучаць інтарэсы і схільнасці вучняў, фіксаваць вынікі, абмяркоўваць іх з навучэнцамі і класнымі кіраўнікамі.
Адным словам, неабходна дапамагчы школьніку выбраць менавіта тую прафесію, каб патрабаванні, якія яна прад'яўляе, супадалі з яго асобаснымі якасцямі і магчымасцямі.
Сёння настаўнікі-прадметнікі ўзброены вялікай колькасцю метадаў і прыёмаў навучання, якія дазваляюць арганізаваць сваю работу найбольш эфектыўна. Педагогу застаецца выбраць сярод іх лепшыя і якасныя.
Я , як настаўнік-філолаг, бачу сваю задачу не толькі ў фарміранні ў вучняў уяленняў аб свеце прафесій, але і ў авалоданні школьнікамі ўменнямі і навыкамі, якія спатрэбяцца ім у той ці іншай сферы дзейнасці. Лічу, што мэтанакіраваная прафарыентацыйная работа і дапрофільная падрыхтоўка ў 5-9 класах прывядзе да ўсвядомленага выбару вучнямі напрамку далейшага профільнага навучання.
Хачу падзяліцца вопытам выкарыстання некаторых метадаў і прыёмаў работы на розных этапах урока беларускай мовы, якія садзейнічаюць вырашэнню задач прафесійнага самавызначэння вучняў.
Часта ў сваёй практыцы на арганізацыйна-матывацыйным этапе выкарыстоўваю прытчы, эпіграфы, урыўкі з мастацкай літаратуры, залацінкі народнай мудрасці, якія маюць павучальны сэнс і заклікаюць вучняў на роздум. Гэтыя прыёмы спрыяюць стварэнню эмацыянальнага настрою, прыцягненню ўвагі да ўрока ў цэлым і практычнай значнасці вывучаемага матэрыялу. Ад настаўніка на дадзеным этапе патрабуецца псіхалагічна падрыхтаваць вучняў да зносін, настроіць на паспяховую работу калектыву.
У любой дзейнасці важна разумець, што ты робіш і для чаго гэта неабходна. Гэтаму я вучу сваіх вучняў на этапе мэтавызначэння. Навучэнцы павінны ўсведамляць, што канечны вынік дзейнасці, у тым ліку і прафесійнай, залежыць ад правільна пастаўленых мэт. На мой погляд, гэта абавязковая ўмова матывацыі. На дадзеным этапе прапаную вучням, напрыклад, скласці па тэме ўрока навучальны маршрут: «Пра што даведаемся?», «Навошта?», «Каму раскажам?». Магчымы і такі варыянт: вучні запісваюць працяг фразы «хачу ведаць…», «хачу навучыцца…» на стыкерах і прымацоўваюць на дошцы. Каб зацікавіць тэмай урока, прымяняю прыёмы «Прафесіянал», «Аўтар» (дадатак 1).
Нельга на вучэбным занятку абысціся без праверкі дамашняга задання, якая дае магчымасць не толькі выявіць узровень ведаў і практычных навыкаў, але і фарміруе ў кожнага школьніка пачуццё адказнасці за сваю работу, дысцыплінуе. А гэта якасць патрэбна любому прафесіяналу. У сваёй практыцы спалучаю розныя спосабы праверкі выканання задання: узаемаправерка, самаправерка, па ланцужку, франтальная, заданні на картках па аналогіі. Часта, асабліва ў 5-7 класах, выкарыстоўваю метад «Экспертыза» (дадатак 2).
На этапе актуалізацыі ведаў адбываецца ўключэнне вучняў у актыўную сумесную дзейнасць. З гэтай мэтай я выкарыстоўваю такія прыёмы, як «Так ці не», «Крок за крокам», «Кошык ідэй» (дадатак 3). Названыя прыёмы дапамагаюць уключыць у работу ўсіх школьнікаў, сканцэнтраваць увагу на вывучаемай тэме і даюць магчымасць актуалізаваць раней набытыя веды.
Вывучэнне новага матэрыялу арганізуецца з дапамогай такіх метадаў і прыёмаў, якія актывізуюць разумовую дзейнасць навучэнцаў, застаўляюць іх думаць, шукаць правільнае рашэнне якога-небудзь пытання, рабіць вывады, абагульненні, вядуць да самастойнага пошуку і адкрыцця. На дадзеным этапе настаўнік-прадметнік ставіць мэту – арганізаваць мэтанакіраваную пазнавальную дзейнасць вучняў па засваенні новых ведаў. З гэтай мэтай на сваіх уроках прымяняю распаўсюджаны прыём «Кластар» (дадатак 4), метад «Тэарэтычная лабараторыя» (запаўненне вучнямі на аснове вучэбнага тэксту табліцы з пропускамі – «белымі плямамі»). Захапляльны для вучняў прыём «Паметкі на палях», калі яны вывучаюць змест параграфа і ставяць на палях знакі: «V» – гэта я ведаю, «+» – гэта для мяне новае, «?» – хачу пра гэта даведацца больш.
Актыўнасць школьнікаў на вучэбным занятку выклікана неабходнасцю ў ведах. Яна ўзнікае тады, калі на шляху з’яўляецца перашкода, пераадолець якую немагчыма без канкрэтных ведаў. Таму на аперацыйна-пазнавальным этапе будзе карысным выкарыстанне праблемнай сітуацыі. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы ў 9 класе «Двукроп’е ў бяззлучнікавых сказах» ствараю сітуацыю, у аснове якой ляжыць супярэчнасць паміж неабходнасцю выканання задання і немагчымасцю гэта зрабіць без новых ведаў: дадзены сказы, у якіх трэба расставіць знакі прыпынку. Узнікае праблема: як гэта правільна зрабіць. Сумесна выпрацоўваем алгарытм дзеянняў па вырашэнні праблемы. Вучні самастойна з апорай на правіла здзяйсняюць пошук правільнага рашэння. Эфектыўнасць метаду ў тым, што ён садзейнічае развіццю пазнавальнай, камунікатыўнай дзейнасці вучняў. Вырашаючы тую ці іншую праблемную сітуацыю, школьнікі вучацца самастойна пераадольваць цяжкасці. Пры адказах вучняў улічваю паслядоўнасць і паўнату выкладання думак, правільнасць ужывання формы слоў і сказаў.
На этапе практычнага прымянення ведаў навучэнцы замацоўваюць атрыманыя веды па ўзоры або ў зменнай сітуацыі. Выкананне разнастайных заданняў дае магчымасць удасканальваць арфаграфічныя і пунктуацыйныя ўменні і навыкі, маўленне вучняў, пашыраць іх слоўнікавы запас, развіваць творчыя здольнасці, выхоўваць цікавасць да роднай мовы. Лічу неабходным выкарыстанне на ўроках арфаграфічных і лексічных хвілінак, работы з тэкстам, хвілінак творчасці.
Найбольш эфектыўны метад, які далучае школьнікаў да прафесійнай дзейнасці, спрыяе развіццю творчых здольнасцей і самастойнасці, – гэта дзелавая (ролевая) гульня. Трэба адзначыць, што вучням вельмі падабаюцца маўленчыя сітуацыі са зменай сацыяльнай функцыі, якія якраз-такі садзейнічаюць іх прафесійнаму самавызначэнню. Ім цікава прадставіць сябе ў ролі настаўніка, дыктара, карэспандэнта, экскурсавода… І я ствараю ім такія ўмовы праз выкарыстанне такіх прыёмаў, як «Карэктар» (пошук і выпраўленне памылак), «Канструктар» (праца з дэфармаванымі сказамі, тэкстамі), «Вучань-настаўнік» (прапаную мацнейшым вучням загадзя падрыхтаваць і правесці пэўны этап урока), «Перакладчык» (пераклад асобных слоў, сказаў, тэкстаў). Мае вучні спрабуюць сябе ў ролі карэспандэнтаў (метад «Інтэрв’ю»), складаюць рэпартажы, напрыклад, «Вось такая цікавая прафесія». Пры знаёмстве з дзелавымі паперамі (9 клас), аналізуем іх структуру, афармленне і «ўладкоўваемся на працу». Вялікія магчымасці для прафесійнай падрыхтоўкі вучняў прадстаўляюць такія раздзелы беларускай мовы, як «Арфаграфія», «Лексіка», «Стылістыка», «Культура маўлення. Моўны этыкет». Я заўважыла: вучні актыўна ўключаюцца ў дзелавую (ролевую) гульню. Важна, што ў працэсе такой камунікатыўнай дзейнасці перад школьнікамі не толькі раскрываюцца некаторыя аспекты пэўных прафесій, але яны трывала засвойваюць спецыяльную лексіку, могуць паспрабаваць сябе ў той ці іншай ролі і суаднесці яе са сваімі схільнасцямі.
Несумненна, у фарміраванні моўнай асобы значную ролю адыгрывае тэкстацэнтрычны падыход. З мэтай прафарыентацыі стараюся падбіраць тэксты, у якіх даецца інфармацыя пра тую ці іншую прафесію. Вызначаецца выхаваўчы аспект тэксту, праводзіцца значная работа на лексічным узроўні. Можна прапанаваць вучням розныя віды заданняў: пераклад тэксту; складанне ўласных міні-тэкстаў па пачатку, па апорных словазлучэннях, па заключнай частцы; работа з дэфармаваным тэкстам.
Глыбіня ведаў вучняў, уменне дакладна і вобразна выказваць свае пачуцці і думкі выяўляюцца ў работах творчага характару: пераказах, сачыненнях, перакладах, дыктантах. Прычым творчыя работы выкарыстоўваю не толькі ў класічным варыянце, бо тады вучні страчваюць інтарэс да выканання такога задання. Пераказ, напрыклад, можа быць выбарачны, з творчым заданнем. Часта практыкую сачыненні, нават у якасці дамашняга задання. З мэтай прафарыентацыі выбіраю наступныя тэмы: «У жыцці сто дарог – адна мая…», «Добра быць у дарозе, якую сам сабе выбіраеш», «Кім я хачу стаць?», «Самая патрэбная прафесія», «Што трэба рабіць, каб дасягнуць высокага прафесіяналізму?».
Карацей кажучы, правільна падабраны настаўнікам метадычны матэрыял да ўрока павінен быць накіраваны на павышэнне матывацыі вучняў, фарміранне звязнага маўлення, выпрацоўку неабходных уменняў і навыкаў, развіццё творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу.
На этапе кантролю і ацэнкі ведаў часцей за ўсё выкарыстоўваю прыём «тоўстыя» і «тонкія» пытанні, якія вучні задаюць адзін аднаму («тоўстыя» патрабуюць разгорнутага адказу, «тонкія» – аднаслоўнага). З мэтай бягучага і тэматычнага кантролю ведаў школьнікаў прымяняю тэсты. Прапанаваны метад дапамагае настаўніку выявіць агульную карціну засваення вучнямі пройдзенага вучэбнага матэрыялу, вызначыць недахопы і скарэкціраваць далейшую дзейнасць. А вучняў стымулюе да актыўнай мысліцельнай дзейнасці і зацікаўленасці ў добрым выніку.
На этапе рэфлексіі выкарыстоўваю прыёмы, якія дазваляюць ацаніць стан эмацыянальна-пачуццёвай сферы вучняў і іх адносіны да вывучанага матэрыялу. Самы распаўсюджаны метад «Завяршы фразу» (напрыклад: «я зразумеў, што…», «даведаўся, што…», «найбольш цяжкім для мяне было…», «мне было цікава…» і інш.). Эфектыўны метад «Плюс – мінус – пытанне» (вучням прапаную запоўніць табліцу з трох слупкоў, дзе яны пазначаюць вартасці і недахопы ўрока, што засвоілі, што не засвоілі, а таксама прабелы ў ведах). Даволі-такі выхаваўчы эфект мае метад «Усё ў тваіх руках» (дадатак 5). Развіваючы рэфлексійныя здольнасці, мы дапамагаем вучням асэнсавана планаваць уласную дзейнасць, самавызначацца, сістэматызаваць атрыманы вопыт, адэкватна ацэньваць свой уклад у агульную справу і работу сваіх аднакласнікаў. Без такіх уменняў немагчыма прадуктыўная прафесійная дзейнасць.
Са свайго ўласнага вопыту магу адзначыць, што выкарыстанне разнастайных метадаў і прыёмаў навучання на ўроках мовы ператварае сістэматычныя веды ў сістэмныя, развівае пазнавальную дзейнасць вучняў і цікавасць да прадмета, павышае актыўнасць вучняў, пашырае іх уяўленне аб прафесіях, актывізуе працэс прафесійнага самавызначэння. Гэта неабходна для таго, каб навучэнец змог асэнсавана выбраць далейшы напрамак сваёй дзейнасці і правільна вызначыць профіль навучання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Галоўнае заключаецца ў тым, што выбар павінен быць зроблены на карысць той прафесіі, якая будзе прыносіць толькі задавальненне.
Каштоўнасць выкарыстання пералічаных метадаў і прыёмаў, правільны падбор заданняў на розных этапах урока заключаецца ў тым, што яны садзейнічаюць павышэнню ўнутранай матывацыі вучняў, свядомаму падыходу да выбару імі будучай прафесіі (профілю навучання), выхаванню адукаваных, граматных, зацікаўленых людзей. Школьнікі набываюць такія ўменні і навыкі, якія дапамогуць ім быць паспяховымі ў будучай прафесійнай дзейнасці: праяўляць маўленчую мабільнасць, захоўваць нормы культуры маўленчых паводзін, аналізаваць, выбіраць, перадаваць неабходную інфармацыю, структурыраваць матэрыял, выказваць уласную пазіцыю, арыентавацца ў розных сітуацыях, бачыць праблему і знаходзіць правільныя шляхі яе вырашэння.
Такім чынам, прымяненне разнастайных метадаў і прыёмаў актывізацыі прафесійнага самавызначэння вучняў дазваляе ўсё ж такі ў большай ступені падвесці іх да свядомага выбару профілю навучання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
Тэкстацэнтрычны падыход як сродак фарміравання маўленчых кампетэнцый вучняў.
Выступленне Васільчанкі Марыны Аляксандраўны
Час, у якім мы жывём, нялёгкі як у эканамічным, палітычным, так і сацыяльным плане. Новы час - новыя і ўмовы. Грамадству патрэбен чалавек новага тыпу, чалавек свабодны, развіты, прадпрымальны, крэатыўны, культурны. Грамадства выбірае тых, хто ўмела валодае словам, самастойна прымае рашэнні, мае крытычнае мысленне, валодае камп’ютарнымі тэхналогіямі, умее абараніць свае перакананні і погляды. Але ў апошнія гады з прычыны папулярнасці камп’ютарных тэхналогій у падлеткавым і юнацкім асяроддзі, практыкай звароту навучэнцаў да шаблонных звестак электронных носьбітаў назіраецца зніжэнне значнасці чытання літаратурных твораў, губляецца працэс міжасобаснай камунікацыі. Зыходзячы з гэтых супярэчнасцей і ў адпаведнасці з актуальнымі запатрабаваннямі часу, вынікае неабходнасць так арганізаваць вучэбную прастору, каб курс “Беларуская мова” стаў прывабным для школьнікаў, спрыяў іх асобаснаму развіццю, садзейнічаў выхаванню ініцыятыўнага, творчага, самастойнага, здольнага да паспяховай сацыялізацыі маладога чалавека, яго самарэалізацыі і закладваў падмурак паспяховай адаптацыі ў сучасным грамадстве.
Тэкстацэнтрычны падыход з’яўляецца эфектыўным сродкам фарміравання маўленчых уменняў і навыкаў вучняў, забяспечвае фарміраванне моўнай кампетэныці вучняў на ўроках беларускай мовы.
Працуючы з тэкстам, вучні становяцца іх даследчыкамі, праяўляюць свае творчыя здольнасці, мімаволі ўзбагачаюць свой культурны багаж, удасканальваюць маральнае пачуццё, арфаграфічныя і пуктуацыйныя навыкі. Яны вучацца параўноўваць, лагічна думаць, абараняць уласныя думкі і выпраўляць свае памылкі.
Імкнучыся разнастаіць дыдактычны матэрыял на ўроку, кіруюся палажэннямі праграмы, якая арыентуе настаўніка на падбор тэкстаў, што маюць на мэце этнакультурнае выхаванне школьнікаў[2, с. 5]. І гэта, у першую чаргу, тэксты, прысвечаныя гістарычнаму мінуламу, славутым дзеячам нашай краіны, а таксама культуры, традыцыям, звычаям беларусаў. ( Дадатак
1) Адлюстраванае ў творах беларускіх пісьменнікаў жыццё народа і прыроды Беларусі фарміруе разуменне самабытнасці і непаўторнасці нашага краю, пашырае кругагляд школьнікаў, арганізоўвае іх унутраны свет, выхоўвае пачуццё нацыянальнай самасвядомасці. ( Дадатак
2) Шырока выкарыстоўваю на ўроках матэрыял, які адлюстроўвае сучаснае жыццё Беларусі і яе рэгіёнаў. ( Дадатак
3) Выкарыстанне мясцовага краязнаўчага матэрыялу робіць мае ўрокі цікавымі, садзейнічае развіццю творчасці на блізкім для школьнікаў матэрыяле. ( Дадатак 3.1)
Тэксты разнастайнай тэматыкі знаёмяць вучняў не толькі з культурнымі і гістарычнымі здабыткамі Беларусі, а і далучаюць іх да сусветнай культуры.
Пры падборы тэкстаў і заданняў да іх прытрымліваюся агульных патрабаванняў да адбору дыдактычнага матэрыялу.
Асноўнымі такімі патрабаваннямі з'яўляюцца:
1. Надзённасць, змястоўнасць, інфарматыўнасць, цікавасць тэкстаў.
2. Адпаведнасць узроўню складанасці тэкстаў і заданняў да іх мэтам навучання і ўзросту вучняў.
3. Адпаведнасць тэкстаў і заданняў да іх зместу праграмы і падручніка, зместу вывучанага матэрыялу.
4. Аднасэнсоўнасць пытанняў і заданняў, выразная і дакладная іх фармулёўка.
Пры рабоце з тэкстам вучням прапаную наступныя заданні: прыдумаць два загалоўкі да тэксту, каб адзін адпавядаў тэме, а другі – ідэі; прачытаць тэкст і змяніць яго заключную частку; прыдумаць працяг тэксту; прачытаць уступную і заключную часткі тэксту і прыдумаць асноўную частку; размясціць абзацы так, каб атрымаўся тэкст; прачытаць і выбраць адну з дзвюх прапанаваных канцовак тэксту; даказаць, што першы тэкст – апісанне,а другі – апавяданне; скласці тэксты розных тыпаў на прапанаваную тэму; прачытаць апорныя словы, словазлучэнні тэксту і вызначыць яго тэму; скласці план тэксту. Ён можа быць любым: цытатны, карцінны, пытальны. Прыклад пытальнага плана ў вас на экране, прачытаць тэкст і план да яго, пункты плана размясціць у пэўнай паслядоўнасці. ( Дадатак 4)
Каб зацікавіць вучняў, выкарыстоўваю прыём прагназавання па загалоўку, цытаце, ілюстрацыя. Як вы думаеце, аб чым будзе тэкст?
Для развіцця маўленчых уменняў і навыкаў прапаную заданні на ўспрыманне, разуменне, трансфармацыю, стварэнне і пісьмовае афармленне тэкстаў розных стыляў, тыпаў і жанраў. Засвойваючы правілы пабудовы маўлення, школьнікі змогуць авалодаць яго найвышэйшымі ўласцівасцямі, такімі як лагічнасць, дакладнасць, выразнасць, дарэчнасць. ( Дадатак 5)
Для выпрацоўкі арфаграфічнай пільнасці карыстаюся метадам “Знайдзі патрэбнае”. На асобных картках пішу назвы арфаграм. Напрыклад, “Правапіс падоўжаных зычных”, “Правапіс галосных у складаных словах”, “Правапіс суфікса -ск- у прыметніках” і г.д. Вучні дзеляцца на групы. Для кожнай групы рыхтую карткі з аднымі і тымі ж назвамі, з аднымі і тымі ж тэкставымі заданнямі, але рознага колеру. Вучням неабходна адшукаць у тэксце ўсе магчымыя арфаграмы. Праз пэўны час прадстаўнікі ад кожнай групы на парце ў класе выкладваюць сонейкам карткі з тымі арфаграмамі, якія ім ўдалося адшукаць. Станоўчае ў гэтым метадзе тое, што ў пошуку задзейнічаны ўсе вучні, у іх выпрацоўваецца ўменне распазнаваць арфаграмы, яны ўспамінаюць канкрэтныя правілы. Прычым, калі ўсе карткі раскладзены, відаць, якая група не адшукала словы да той ці іншай арфаграмы. Пры паўтарэнні правіл арфаграфіі часта выкарыстоўваю гульню “Назіранне за словам”. (Дадатак 5.1)
Вучням падабаюцца маўленчыя сітуацыі са зменай сацыяльнай функцыі. Ім цікава прадставіць сябе ў ролі настаўніка, дыктара радыё ці тэлебачання, карэспандэнта. Асабліва карысны гэты прыём пры вывучэнні фанетыкі, арфаэпічных правіл, калі вучні атрымліваць заданне прачытаць тэкст перад класам як дыктары, вымаўляючы кожны гук у адпаведнасці з арфаэпічнымі нормамі беларускай мовы. ( Дадатак 6)
Адной з форм арганізацыі работы на ўроку часта выкарыстоўваю інфармацыйна-вучэбны дыялог. У час маўлення кожны выказвае свае думкі і меркаванні, задае пытанні ўдакладняльнага характару. У час дыялогу вучні ствараюць выказванні на прапанаваную тэму, творча асэнсоўваюць яе, пры неабходнасці дабудоўваюць уласныя тэксты, удзельнічаюць у дыскусіі, абмеркаванні, гутарцы. ( Дадатак 6.1)
Такім чынам, пры арганізацыі работы з тэкстам імкнуся паказаць, як дзейнічаюць у тэксце словы, словазлучэнні, сказы, як яны функцыянуюць, паводле якіх законаў аб’яднаны. Разам з тым, вучні, аналізуючы тэксты, вучацца ствараць свае тэксты. Як ужо адзначалася, тэкст разглядаецца як сродак стварэння навучальнага, развіццёвага і выхаваўчага асяродддзя. Таму на ўроках прапаную для аналізу самыя разнастайныя паводле зместу, стылю і жанру тэксты.
Тэкстацэнтрычны падыход у корані мяняе кірунак вывучэння пісьмовай мовы. Спачатку знаёмімся з тэкстам, яго прыгажосцю , вобразнасцю, а ўжо потым назіраем за тым, як у аўтара гэта атрымалася, з дапамогай чаго. Тым самым у вучняў фарміруецца навык стварэння ўласных пісьмовых тэкстаў. Што з'яўляецца падрыхтоўкай да здачы экзамену ў 11 класе, а таксама дапамагае ім пераадольваць цяжкасці навучання і па іншых прадметах.
Тэкстацэнтрычны падыход можа быць выкарыстаны як на асобна ўзятым уроку беларускай мовы або яго частцы, так і ў сістэме ўрокаў. Яго можна выкарыстоўваць пры правядзенні ўрокаў беларускай мове на ўсіх ступенях навучання.
Работа ў групах
Мы сёння будзем працаваць у групах, і вы бачыце, што гэтыя групы ўжо сфарміраваліся. Давайце для таго, каб настроіцца на пазітыўны лад, каб працаваць зладжана і рэзультатыўна, мы з вамі выканаем практыкаванне "Дрэва дасягненняў". Перад вамі лісточкі трох колераў. Калі вы лічыце, што дасягнулі поспехаў у прафесійнай дзейнасці, у рабоце - прымацуйце на дрэва чырвоны лісточак. Калі вы навучыліся паспяхова дзяліцца сваім думкамі адзін з адным, то прымацуйце лісточкі зялёнага колеру. Калі вы дасягнулі поспехаў у асабістым жыцці, то прымацуйце лісточкі жоўтага колеру. · Абмеркаванне: якіх лісточкаў на нашым дрэве болей? Чаго дасягнуў наш калектыў? Такім чынам, наша дрэва дасягненняў атрымалася даволі яркае: значыць, у нас з вамі ўжо нямала дасягненняў у розных сферах. І мне хочацца, каб нашы дасягненні ў прафесійнай дзейнасці сталі яшчэ больш значнымі, і я спадзяюся, што наш сённяшні занятак у гэтым вам дапаможа. Паважаныя калегі, эпіграфам майстра-класа я выбрала словы Васілія Аляксандравіча Сухамлінскага: "Праблема творчасці - адзін з участкаў педагагічнай цаліны". · І мне хацелася б пачуць, як вы разумееце гэтыя словы.(Абмеркаванне). Педагогі нашай гімназіі на гэтае пытанне таксама далі цікавыя адказы: "настаўнік павінен тварыць, а не капіраваць"; "настаўнік павінен быць творцам, а не рамеснікам"; "незалежна ад працоўнага стажа, заходзячы ў адзін і той жа клас, бачачы адны і тыя ж дзіцячыя вочы, ты павінен кожны раз знаходзіць магчымасць зацікавіць, захапіць, дапамагчы ўвесці рабят у адукацыйны працэс""; "грамадству патрэбны творчыя, крэатыўныяасобы, а развіваць гэта трэбаў школе". · А як фарміраваць і развіваць творчую асобу вучня? · Як навучыць рабят працаваць не толькі па ўзору ці па шаблоне, а навучыць іх мысліць, аналізаваць? · Як сфарміраваць у вучнях тыя асноўныя канцэпцыі, якія накіраваны на самаразвіццё і самарэалізацыю, на развіццё пазнавальных патрэбнасцей, умення арыентавацца ў сучаснай інфармацыйнай прасторы, прадуктыўна працаваць, эфектыўна супрацоўнічаць, адэкватна ацэньваць сябе і свае дасягненні? Я цвёрда ўпэўнена, што рашыць гэтыя задачы, выкарыстоўваючы толькі традыцыйную класна-ўрочную сістэму, толькі рэпрадуктыўныя метады навучання, нельга.
Работа з тэкстам
Даспела збажына. Шчыльнай сцяной, у рост дарослага чалавека, стаіць ............... . Сама назва гэтай расліны пра сябе гаворыць: ..................- жыццё. Блізкія словы.
...................... – тая крыху ніжэйшая. І ..........., і ............... галоўным чынам на хлеб ідуць. З жытняй мукі чорны хлеб пякуць. З пшанічнай – белы.
А вунь .................... . Ростам ён яшчэ ніжэйшы за пшаніцу. І колас у яго не тугі, а развесісты. Затое вусы–асцюкі – ух, якія калючыя! З ................ геркулес робяць. А каша з геркулесу і смачная, і карысная. Хто есць яе, той расце, як кажуць, не па днях, а па гадзінах, і сілы хутка набіраецца (А.Вольскі).
- Вызначце, пра якія злакавыя расліны ідзе гаворка ў тэксце.
- Ці пазнаеце вы па апісанні гэтыя расліны, калі ўбачыце іх у полі.
- Вашы знаёмыя пачулі слова “асцюкі”. Значэння гэтага слова яны не ведаюць і прыйшлі да вас па дапамогу. Як вы ім дапаможаце? Зачытайце слоўнікавы артыкул да гэтага слова.
- Прафесія хлебароба заўсёды карысталася павагай у народзе. Гэта адлюстроўвалася і ў прыпеўках:
Выйду, выйду я за рэчку,
На зялёненькі лужок.
Пагляджу, як на камбайне
Жне мой міленькі дружок.
Падбярыце асабовыя назоўнікі, якія абазначаюць назвы асоб па роду дзейнасці, прафесіі, звязанай з вырошчваннем хлеба. Запішыце гэтыя назоўнікі
- Якія прыкметы, звязаныя з хлебам, існуюць у беларускім фальклоры?
Арганізацыя рэфлексіі. Пабудова калейдаскапічнага малюнка.
Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, як бачыце, шырока выкарыстоўваюць самыя розныя метады і прыёмы. Але ўрок –гэта ў першую чаргу праца, праца і педагога, і вучня. Нельга ператвараць урок у відовішча. Выкарыстоўваць той ці іншы метад неабходна не дзеля метаду , а дзеля таго, каб дасягнуць пастаўленых задач. Усё павінна быць да месца і ў меру. А меру гэту вызначае сам настаўнік у кожным канкрэтным выпадку. Выкарыстанне метадаў і прыёмаў, якія мы сёння прапанавалі вам, дапамагаюць:
арганізаваць вучэбную дзейнасць на прынцыпах асабістай зацікаўленасці, даступнасці, навуковасці;
узмацніць станоўчую матывацыю да вывучэння беларускай мовы і літаратуры і да навучання ў цэлым;
развіваць камунікатыўныя кампетэнцыі вучняў;
дабівацца станоўчых вынікаў вучэбнай дзейнасці;
дасягаць удасканалення педагагічнага майстэрства.
раскрыть » / « свернуть